У гэтым паведамленні я закрану дзве ўступныя кампаніі ў Ліцэй БДУ. Кампанію 2020 і 2021 гадоў, якія мне давялося арганізоўваць. Мяне заўсёды абурала ходкае меркаванне, што ў Ліцэй можна паступіць па блаце. Сам я паступіў у 1993 годзе, выйграўшы Рэспубліканскую алімпіяду па фізіцы, і з тых самых часоў перыядычна з'яўляліся чуткі аб карупцыйных схемах паступлення ў Ліцэй БДУ. Як правіла доказаў не прыводзілася, але пры гэтым падобныя чуткі кідаюць цень на абітурыентаў, якія паступілі, і супрацоўнікаў Ліцэя. Я сам у 2015 годзе спрачаўся на гэтую тэму з Яўгенам Барысавічам Лівянтам на старонках TUT.BY. Ён тады выказваў ідэю, што ўступная кампанія ў Ліцэй БДУ несумленная, бо фізіку абітурыенты пішуць лепш за матэматыку, а на думку Яўгена Барысавіча павінна быць наадварот. Я тлумачыў, што гэта абсалютна заканамерна, бо ўступныя іспыты па матэматыцы і фізіцы пабудаваны на розных прынцыпах. Мы тады так і не змаглі пераканаць адзін аднаго. Таму на працягу многіх гадоў, якія я арганізоўваў уступныя кампаніі, я спрабаваў зрабіць іх як мага больш празрыстымі і адкрытымі. Даць максімальны аб'ём інфармацыі і звесці магчымасці карупцыі на нішто.
Што да карупцыйных схем, то тут можна было б спытаць у кіраўніцтва Ліцэя. Але тэма гэтая табуяваная. Ты ж не пойдзеш да дырэктара і не спытаешся: Ці ёсць такія абітурыенты? Колькі іх? А самі кіраўнікі Ліцэя гэтую тэму ў размовах не ўздымалі. Таму калі ў 2020 году я праводзіў сваю першую кампанію ў якасці дырэктара, мне было вельмі цікава, як жа гэта ўладкована знутры. Я першапачаткова вырашыў, што буду будаваць уступную кампанію выключна ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі: палажэннем аб школе і правіламі прыёму, але мне было надзвычай цікава, наколькі я змагу іх прытрымлівацца.
Кампанія 2020 года была асаблівая. У той год у Ліцэй БДУ паступалі Мікалай Лукашэнка і Дар'я Лукашэнка. І гэты факт мне вельмі дапамог. Справа ў тым, што, як мне падаецца, ні ў кога з кіраўніцтва Міністэрства ці Адміністрацыі прэзідэнта не з'яўлялася думкі, што такія абітурыенты могуць не паступіць. Таму нідзе, ні ў якіх размовах і асабістых указаннях, мне не прапаноўвалася неяк змяніць правілы гульні, нешта памяняць для гэтых канкрэтных абітурыентаў. У выніку гэта дазволіла стварыць выдатны фармат размовы з усімі, хто прыходзіў да мяне ў кабінет, іх дарэчы было няшмат, з просьбамі аб садзейнічанні ў паступленні таму ці іншаму абітурыенту. Я казаў прыблізна наступнае:
“Николай Лукашенко поступает сам, на общих основаниях. За него никто не ходит и не просит. А вы считаете, что ваш абитуриент достоин лучшего отношения, чем сын президента?”
На такое правакацыйнае пытанне ніхто не мог адказаць, што іх абітурыент лепшы за Мікалая Лукашэнку, і ўсе згаджаліся з тым, што трэба паступаць у агульным парадку.
Падчас уступнай кампаніі 2020 у Ліцэй БДУ я спрабаваў праводзіць тую ж лінію паводзінаў, што і Віктар Бабарыка ў прэзідэнцкай кампаніі, а менавіта дзейнічаць выключна ў межах нарматыўных дакументаў. Пры гэтым я быў гатовы прыняць любы зыход такіх паводзін. Мне было крыху страшна, калі я ўяўляў, што Мікалай ці Дар'я Лукашэнка правальваюць іспыты і не паступаюць. І калі за Мікалая я быў, у прынцыпе, спакойны. Усё-такі ён паступаў на біялагічны профіль і быў прызёрам абласной алімпіяды па хіміі, то Дар'я выклікала ў мяне рэальныя асцярогі. Я быў гатовы звольніцца, але гледзячы на ўсё тое, што адбылося ў Беларусі за апошнія тры гады, я разумею, што звальненнем справа б не абмежавалася. Але, на шчасце для мяне, мае абітурыенты былі лепш падрыхтаваны да ўступнай кампаніі, чым іх сваяк да прэзідэнцкай.
У 2021 годзе я спрабаваў дзейнічаць па старой схеме, спасылаючыся на досвед паступлення “зорных” абітурыентаў 2020, але гэтая тактыка дала збой пасля размовы з Паўлам Булацкім, адным з кіраўнікоў БТ. Але пра гэта ў наступным пасце.