Пасля нарады, ужо знаходзячыся на лесвічнай пляцоўцы каля ліфтаў, я спытаў у аднаго з удзельнікаў сустрэчы, што прычынілася такой рэзкай цікавасці з боку міністра да ўступнай кампаніі Ліцэя БДУ.
На што мне было сказана, што ў 2020 годзе былі праблемы.
На мае пярэчанні, што гэта была самая адкрытая і празрыстая ўступная кампанія за апошнія гады, а можа і за ўсю гісторыю Ліцэя мне адказалі, што тым не менш, некаторыя абітурыенты, якія павінны былі паступіць, не паступілі, таму зараз і мяняецца фармат паступлення.
З такімі новымі ўводнымі і думкамі я і паехаў на сустрэчу з аўтарамі заданняў уступных іспытаў у Ліцэй БДУ.
Перш чым расказваць аб выніках абмеркавання, коратка спынюся на працэдуры падрыхтоўкі заданняў уступных іспытаў у Ліцэй БДУ да 2021 года.
- У чэрвені, пасля завяршэння ўступнай кампаніі, праводзіцца аналіз яе вынікаў. Адмысловая ўвага надаецца заданням, а менавіта іх складанасці. А таксама вывучаюцца магчымыя змены праграмы і падручнікаў, з той мэтай, каб адаптаваць спецыфікацыю ўступных іспытаў да пачатку навучальнага года.
- У жніўні абнаўляецца раздзел "абітурыенту", уносяцца вынікі паступлення, абнаўляюцца ўзоры ўступных іспытаў, мяняецца спецыфікацыя, калі такія змяненні неабходны з-за змяненняў праграмы і навучальных дапаможнікаў. Гэта рэдка даводзілася рабіць для прадметаў прыродазнаўчага цыклу і матэматыкі, але рэгулярна для гісторыі і грамадазнаўства.
- У снежні кафедры вызначаюць аўтараў уступных іспытаў. Як правіла, адзін прадмет рыхтуе адзін аўтар, але бывае і камандная праца. Як толькі кафедры вызначаюць тых, хто будзе займацца падрыхтоўкай заданняў уступных іспытаў, з аўтарамі падпісваецца пагадненне аб неразгалошванні.
- У маі прадстаўляюцца канчатковыя заданні, адбываецца гэта напярэдадні тыражавання. Да гэтага моманту ніхто акрамя аўтараў не мае доступу да тэкстаў заданняў уступных іспытаў, якія рыхтуюцца!
- Заданні збіраюцца напярэдадні тыражавання (аўторак) і перавозяцца ў БДУ, дзе іх зацвярджае рэктар (серада). Рэктар бачыць толькі тытульны ліст заданняў, так што зацвярджэнне – гэта больш фармальны момант. Неабходна проста паставіць подпіс і пячатку ў графе “Зацвярджаю”. Пасля гэтага заданні перавозяцца ў Ліцэй для тыражавання.
- У працэсе тыражавання (чацвер-пятніца) усе заданні пакуюцца ў пакеты, якія адкрываюцца непасрэдна на іспыце. Да працэсу тыражавання дапускаюцца супрацоўнікі Ліцэя пасля падпісання адпаведнага пагаднення аб неразгалошванні.
- Арыгіналы заданняў захоўваюцца ў сейфе ў дырэктара.
Такім чынам у гэтай схеме дакладна можна адсачыць момант, дзе можа адбыцца ўцечка дадзеных. Калі гэта адбываецца да здачы заданняў, то вінаваты выключна аўтар. Калі пасля тыражавання, то ў спіс падазраваных трапляе і дырэктар і члены прыёмнай камісіі, якія займаюцца тыражаваннем заданняў уступных іспытаў.
Цяпер можна прааналізаваць схему, прапанаваную міністэрствам адукацыі. Па-першае, у самым пачатку нарады было заяўлена аб недаверы Ліцэю БДУ ўвогуле і аўтарам заданняў у прыватнасці. Але пры гэтым па выніках нарады, тыя ж самыя аўтары павінны стварыць заданні ўступных іспытаў, але ў больш сціслыя тэрміны. А затым заданні перадаюцца ў Нацыянальны інстытут адукацыі, дзе іх аналізуюць на працягу месяца, ну і потым заданні перадаюцца ў БДУ для зацвярджэння, а потым, нарэшце, у Ліцэй БДУ для тыражавання.
Калі нам не давяраюць, то лагічна было б увогуле забраць у нас магчымасць складаць заданні ўступных іспытаў. Але на той момант у сістэме адукацыі не было падрыхтаваных кадраў ні ў РІКВ, ні ў НДА, якія маглі б скласці заданні па спецыфікацыях уступных іспытаў Ліцэя БДУ. Спецыфікацыі былі абноўлены і знаходзіліся ў адкрытым доступе на сайце Ліцэя БДУ з верасня, менавіта па іх абітурыенты рыхтаваліся да ўступных іспытаў на працягу ўсяго навучальнага года. Таму было вырашана ў 2021 годзе не распрацоўваць заданні ўступных іспытаў у РІКВ або НДА, а ўзяць нашы заданні на экспертызу. Але ў такім выпадку ў старой, на думку міністэрства, карупцыйнай схеме падрыхтоўкі ўступных іспытаў з'яўлялася яшчэ адно звяно, якое з'яўляецца яшчэ адным месцам, дзе можа адбыцца ўцечка матэрыялаў. У выніку новая схема не толькі не вырашае праблему даверу, але і стварае дадатковыя складанасці і магчымыя ўразлівасці ў працэсе падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.
Пра ўсё гэта мы размаўлялі на сходзе прыёмнай камісіі, і нядзіўна, што аўтары заданняў салідарна адмовіліся перадаваць ужо падрыхтаваныя, але яшчэ вельмі сырыя тэксты ўступных заданняў з-за боязі ў будучыні быць абвінавачанымі ў карупцыйных злачынствах, бо прапанаваная міністэрствам схема відавочна не дадавала дэкларуемай. міністрам празрыстасці. Я не публікую стэнаграму сустрэчы, бо яна можа стварыць пэўныя цяжкасці для тых удзельнікаў відэаканферэнцыі, якія цяпер усё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі і нават працуюць у Ліцэі БДУ.
Я, у сваю чаргу, цудоўна разумеў ступень адказнасці складальнікаў заданняў, бо складаў уступныя заданні па фізіцы ў Ліцэй БДУ з 2007 па 2019 год. Любая памылка ва ўмовах на іспыце прыводзіць да лішняга стрэсу абітурыентаў. А калі памылка сустракаецца толькі ў адным варыянце, то гэта ставіць у няроўныя ўмовы абітурыентаў, якія вырашаюць варыянт без памылак, і абітурыентаў, якім пашанцавала атрымаць варыянт з памылкамі друку. Менавіта таму падрыхтоўка заданняў і займае працяглы час. Скарачэнне яе працягласці на цэлы месяц (ды яшчэ ў той час, калі варыянты атрымліваюць канчатковы выгляд і нармуюцца па складанасці заданняў, з тым, каб усе абітурыенты атрымалі аднолькавыя па цяжкасці заданні) прыводзіць да стварэння тэкстаў уступных іспытаў нізкай якасці.
Такім чынам яшчэ раніцай 31 сакавіка 2021 года ўступная кампанія ў Ліцэй БДУ ішла па накатанай каляіне, а да вечара я застаўся без аўтарскага калектыву і тэкстаў уступных іспытаў. Я не ведаў, што мне рабіць у існуючых абставінах, таму патэлефанаваў намесніку міністра адукацыі Аляксандру Кадлубаю і дамовіўся аб асабістай сустрэчы.